Раздел

  • Показать всеСкрыть все

  • View only 'Тема 1'

    ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ
    - Показать/Скрыть

    БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
    Праграма ўступных іспытаў
    па вучэбным прадмеце
    для асоб, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю,
    для атрымання вышэйшай адукацыі І ступені, 

    2015 год

      Спецыяльнасці:

    1-21  05  01Беларуская філалогія (па напрамках) 
    1-21  05  04 Славянская філалаогія 

     ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

     Змест праграмы адпавядае патрабаванням адукацыйнага стандарту і суаднесены са зместам вучэбнай праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па беларускай літаратуры. Праграма грунтуецца на ўзаемасувязі прынцыпаў дэмакратызацыі і гуманізацыі, пераемнасці і даступнасці навучання, арыентуе на асэнсаванне духоўных і маральных каштоўнасцей.

     Праграма ўключае творы вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры, звесткі пра асноўныя перыяды беларускага і сусветнага мастацкага працэсу, звесткі аб жыцці і творчасці вядомых майстроў слова, асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці.

     Літаратурныя творы адабраны з улікам іх мастацкай і агульначалавечай значнасці, выхаваўчай каштоўнасці, месца ў творчасці пісьменніка і ў гісторыі літаратуры, актуальнасці для нашага часу. Пры гэтым улічваліся гуманістычны сэнс твораў, дыялектычная сувязь сацыяльнага, канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага ў іх, мастацкая своеасаблівасць, аўтарская пазіцыя.

     

     ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ

     На ўступных іспытах абітурыент павінен ведаць:

     асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да сучаснасці);

     сутнасць і характэрныя асаблівасці асноўных мастацкіх сістэм (барока, класіцызм, асветніцтва, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм), родаў і жанраў літаратуры;

     найбольш важныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьмен­нікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

     змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твораў, якія ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выву­чаліся тэкстуальна, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульна­чалавечае значэнне;

     неабходны мінімум звестак па тэорыі літаратуры, патрэбных для аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў (змест і форма; сюжэт, кампазіцыя; тэ­матыка, праблематыка, пафас твора); адметнасці паэзіі і прозы як асноў­ных відаў (тыпаў) літаратурнай творчасці; асноўныя паняцці верша­складання (рытм, рыфма, страфа, вершаваны памер).

     

    Абітурыент павінен умець:

     даваць ідэйна-эстэтычную ацэнку прачытаным творам і абгрун­тоўваць яе;

     выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылёвыя асаблівасці вывучаных твораў;

     аналізаваць сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці вывучаных тво­раў, характарызаваць герояў эпічных і драматычных твораў, а таксама вызначаць важнейшыя адметнасці лірычных герояў тых твораў, якія вывучаліся тэкстуальна;

     выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

     перадаваць блізка да тэксту або цытаваць урыўкі з твораў, якія прапанаваны вучэбнай праграмай для завучвання на памяць.

     Адказ павінен быць прадуманым, звязным, паслядоўным. Маўлен­не абітурыента на ўступных іспытах па беларускай літаратуры павінна вызначацца дакладнасцю, правільнасцю, аргументаванасцю, выразнас­цю, лексічным багаццем; улічваючы спецыфіку беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета, выказванне на іспыце можа мець рысы мэтазгод­най эмацыянальнасці, вобразнасці, індывідуальна-творчыя элементы.

     

      ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ

     Літаратура эпохі Сярэднявечча

      Агульная характарыстыка літаратуры Сярэднявечча. Пачатковы перыяд развіцця славянскай пісьменнасці (ХІ—ХІІ стст.); тэматычная і жанравая разнастайнасць перакладной і арыгінальнай літаратуры (Біб­лія, «Жыціе Еўфрасінні Полацкай», словы, казанні, павучанні Кірылы Тураўскага, беларускія летапісы).

     Літаратура эпохі Адраджэння

     Агульная характарыстыка літаратуры эпохі Адраджэння (ХІV—XVI стст.).

     Францыск Скарына — першадрукар і асветнік, яго жыццё і творчая дзейнасць. Пераклад і выданне кніг Бібліі, іншых кніг Святога Пісання. Найважнейшыя рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці      Ф. Скарыны. Агульначалавечы змест прадмоў да кніг «Іоў» і «Юдзіф». Сцвярджэнне ідэй патрыятызму, вернасці грамадзянскаму абавязку, духоўнай моцы і трываласці. Агульнаславянскае і еўрапейскае значэнне дзейнасці Ф. Скарыны.

     Сымон Будны і Васіль Цяпінскі як прадаўжальнікі традыцый   Ф. Скарыны. Дэмакратычная і патрыятычная скіраванасць прадмоў да выдадзеных на беларускай мове «Катэхізіса» і «Евангелля».

     Мікола Гусоўскі. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць паэта. «Песня пра зубра» як выдатны твор беларускай літаратуры эпохі Адраджэння. Жанр, сюжэт і кампазіцыя паэмы. Сістэма вобразаў у тво­ры. Сімвалічнае значэнне вобраза зубра. Беларуская прырода ў ад­люстраванні паэта. Тэма вайны і міру ў творы. Пераклады паэмы.

     Барока. Класіцызм. Асветніцтва

     Палемічная літаратура пачатку ХVII ст. Развіццё рэлігійнай публіцыстыкі (Іпацій Пацей, Мялецій Сматрыцкі, Лаўрэнцій Зізаній, Афанасій Філіповіч). Свецкая сатырычная літаратура («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»). Вершаскладанне на беларускай мове. Андрэй Рымша, Сімяон Полацкі, ананімныя творы. Станаўленне беларускага тэатра (батлейка, школьныя драмы і інтэрмедыі).

     Ад старажытнай да новай беларускай літаратуры

     Беларуская літаратура ў канцы ХVIII — пачатку ХІХ ст. Пера­важна ананімны характар бытавання твораў. Узнікненне камічных, бурлескных твораў. Паступовы рух да ўтварэння новай літаратуры на народнай, дыялектнай моўнай аснове. Узнікненне і ўмацаванне ў літа­ратуры рэалістычных традыцый. Станаўленне новай беларускай літа­ратуры і яго асноўныя фактары (цікавасць да фальклору, народнага по­быту, гістарычнага мінулага і традыцый).

     Паэма «Энеіда навыварат» (урыўкі). Пытанне аб аўтарстве паэмы і часе напісання. Ідэйны пафас і змест. Сувязь беларускай «Энеіды»         з аднайменнымі творамі Вергілія і I. Катлярэўскага.

    Рамантызм як вядучы літаратурны напрамак

     Рамантызм у еўрапейскім і беларускім мастацтве слова канца ХVIII — першай паловы ХІХ ст. як вядучы літаратурны напрамак.

     Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастыч­ных апавяданнях» (2—3 апавяданні на выбар абітурыента). Цесная сувязь апавяданняў з беларускай міфалогіяй і фальклорам. Роля вобраза Завальні ў творы. Увага да ўнутранага свету герояў. Павучальнасць зместу апавяданняў. Рамантычныя сюжэты і вобразнасць. Сімволіка вобразаў.

     Па шляху сінтэзу: сентыменталізм, рамантызм, рэалізм

     Канстанцін Вераніцын. Сатырычны і гуманістычны пафас паэмы «Тарас на Парнасе». Сцвярджэнне ідэй народнасці ў літаратуры. Роля міфалагічных персанажаў у раскрыцці тэмы і ідэі твора. Тарас як тыпо­вы народны герой, рысы яго характару. Майстэрства аўтара ў абма­лёўцы персанажаў. Гісторыка-літаратурнае значэнне паэмы.

     Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Жыццёвы і творчы шлях пісьмен­ніка. Жанравае вызначэнне твора «Пінская шляхта». Выкрыццё царска­га чыноўніцтва. Вобраз Кручкова, яго тыповасць. Духоўная абмежава­насць засцянковай шляхты. Майстэрства драматурга ў разгортванні інтрыгі, сюжэта, у стварэнні камічнага эфекту. Гратэск і шарж як прыё­мы фарса-вадэвіля. Значэнне творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча для беларускай літаратуры.

      Рэалізм як літаратурны напрамак.

     Захаванне тэндэнцый рамантызму

     Агульная характарыстыка літаратуры другой паловы ХІХ ст.

    Пуб­ліцыстыка і яе роля ў тагачасным грамадскім жыцці. Ананімныя вершаваныя і празаічныя гутаркі («Вось які цяпер люд стаў», «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Сход»). Узмацненне ў літаратуры Беларусі другой паловы ХІХ ст. рэалістычных тэндэнцый.

     Кастусь Каліноўскі. Адлюстраванне поглядаў Кастуся Каліноў­скага на гісторыю і асобу ў выданнях «Мужыцкай праўды». Вобраз Беларусі ў творах К. Каліноўскага. «Пісьмо з-пад шыбеніцы» і верш «Марыська чарнаброва, галубка мая» як запавет нашчадкам.

     Францішак Багушэвіч. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Уплыў паўстання 1863—1864 гг. на творчасць Ф. Багушэвіча. Ідэйны змест прадмоў да зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі». Месца паэта і паэзіі ў жыцці народа («Мая дудка»). Увасабленне ў паэзіі Ф. Багушэвіча грамадскіх ідэалаў («Ахвяра»). Алегарычны змест верша «Хмаркі».

     Паэма «Кепска будзе!». Выкрыццё сацыяльнай несправядлівасці    ў творы. Паказ жыццястойкасці беларускага народа. Роля айчыма ў лёсе Аліндаркі. Матыў трагічнасці і безвыходнасці. Гуманістычны ідэал аўтара ў паэме.

     Беларуская літаратура пачатку ХХ ст.

     Беларуская літаратура пачатку ХХ ст., яе патрыятычны пафас і вернасць гуманістычным ідэалам. Роля газет «Наша доля», «Наша ніва» ў гісторыі айчыннай культуры і мастацтва слова. Нашаніўскі перыяд у развіцці літаратуры. Агляд творчасці Цёткі, Ядвігіна Ш. і інш.

     Янка Купала. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Тэматычная шматграннасць і стылёвая разнастайнасць лірыкі Янкі Купалы. Асэнса­ванне гістарычнага лёсу беларускага народа («Мая малітва» і інш.). Гра­мадзянскасць і публіцыстычнасць у вершах Янкі Купалы, жанравае, вобразнае, інтанацыйнае багацце яго лірыкі («Роднае слова» і інш.). Ідэя вечнасці жыцця, кахання, гармонія чалавека і прыроды ў вершы «Явар і каліна». Лірыка перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці 1920—1930-х гг.

     Паэма «Бандароўна». Фальклорная першакрыніца паэмы. Сут­насць канфлікту. Вобразы-антыподы. Драматызм дзеяння. Маральнае хараство Бандароўны. Рамантычная аснова твора.

     П’есы «Паўлінка» або «Раскіданае гняздо» (на выбар абітурыента).

     Высмейванне шляхецкай пыхлівасці і духоўнай абмежаванасці      ў камедыі «Паўлінка». Канфлікт новага і старога пакаленняў засцянковай шляхты. Вобраз Паўлінкі. Майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў, індывідуалізацыя іх мовы. Сцэнічнае ўвасабленне камедыі.

     Сацыяльна-філасофскі, гуманістычны пафас і змест п’есы «Раскі­данае гняздо». Жанр, кампазіцыя, развіццё драматычнага канфлікту. Галоўныя героі драмы, матывы паводзін. Пошукі маладым пакаленнем рэальных шляхоў вызвалення Бацькаўшчыны. Праўда Сымона і праўда Зоські. Старац як выразнік народнай маралі. Вобраз Незнаёмага ў сістэ­ме дзейных асоб п’есы. Рэалізм драмы, рамантычная сімволіка і лірызм. Сімвалічнасць назвы твора.

     Якуб Колас. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Лірыка. Эле­гічнае і аптымістычнае ў паэзіі Якуба Коласа («Не бядуй!», «Белару­сам»). Паэтызацыя роднай прыроды («Родныя вобразы», «Першы гром»). Рытміка-інтанацыйны лад вершаў Якуба Коласа.

     «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця. Аўтабіяграфічнасць паэмы, яе творчая гісторыя. Жанравыя асаблівасці твора. Народны побыт і прырода ў паэме. Вобразы ў паэме: мудрасць і душэўная прыгажосць Антося, Ганны; вобразы дзяцей. Трагедыя лёсу Міхала. Філасофская ідэя зямлі і волі. Сімвалічны сэнс назвы твора. Паэтычнае майстэрства Якуба Коласа.

     Трылогія «На ростанях» (частка першая — «У палескай глушы»). Гісторыя напісання і праблематыка, асаблівасці сюжэта і кампазіцыі твора, яго аўтабіяграфізм. Асоба Андрэя Лабановіча. Народ і інтэлі­генцыя ў творы. Жаночыя вобразы. Майстэрства Коласа-празаіка. Мес­ца і значэнне творчасці Якуба Коласа ў беларускай літаратуры.

     Максім Багдановіч. Жыццёвы і творчы шлях паэта. Погляды     М. Багдановіча на прызначэнне паэта ў грамадстве («Песняру»). Вобраз Радзімы ў лірыцы паэта («Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...») і інш.). Зварот да культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі («Летапісец» і інш.). Скіраванасць да агульначалавечай праблематыкі («Мяжы», «Жывеш не вечна, чалавек...» і інш.).

     «Страцім-лебедзь». Паэтычная інтэрпрэтацыя біблейскага міфа. Роля баладнай формы ў актуалізацыі сімволікі твора.

     Сувязь творчасці М. Багдановіча з класічнай спадчынай і сусвет­най паэзіяй.

     Алесь Гарун. Зборнік вершаў «Матчын дар». Вызваленча-пат­рыятычныя, агульначалавечыя матывы («Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...»). Абвостранае пачуццё любові да Радзімы. Тэма сэнсу жыцця, прызначэння чалавека («Ідуць гады»). Філасафічнасць і пуб­ліцыстычнасць вершаў.

     Беларуская літаратура першай трэці ХХ ст.

     Актывізацыя літаратурна-грамадскага руху і ўздым культурнага будаўніцтва ў 1920-я гг. Літаратурныя аб’яднанні «Маладняк», «Узвыш­ша», «Полымя», іх роля ў гісторыі айчыннага пісьменства. Творчыя здабыткі і пошукі 1920-х гг. і іх спад у 1930-я гг. пад уплывам ідэала­гізацыі літаратурнага жыцця. Утварэнне Саюза пісьменнікаў СССР (1934 г.).

     Літаратура Заходняй Беларусі, яе сувязь з агульнанацыянальнай літаратурай (У. Жылка, Максім Танк, М. Машара, В. Таўлай, Міхась Васілёк і інш.).

     Максім Гарэцкі. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Тэма вернасці роднай зямлі, служэння інтэлігенцыі народу ў апавяданні «Роднае карэнне». Вобраз Архіпа Лінкевіча. Жыццёвая мудрасць дзеда Яхіма, яго запавет маладому пакаленню.

     Суровая праўда пра Першую сусветную вайну, выкрыццё яе антынароднай, антычалавечай сутнасці ў апавяданні «Літоўскі хутарок». Аўтабіяграфічнасць апавядання. Вобраз Яна Шымкунаса. Гуманістычная канцэпцыя пісьменніка.

     Змітрок Бядуля. Рамантычная настраёвасць абразкоў і лірычных мініяцюр. Лірычны герой — рамантык. Пошукі сэнсу жыцця, прызна­чэння чалавека. Адметнасці жанру.

     Апавяданне «Бондар». Вырашэнне тэмы мастака і мастацтва ў кан­тэксце сацыяльных праблем. Вобраз майстра-працаўніка. Асуджэнне эстэтычнай неразвітасці, чэрствасці і абыякавасці. Мастацкія адметнасці твора.

     Уладзімір Дубоўка. Вершы «Залатая асенняя раніца», «О Бела­русь, мая шыпшына…», «Пальцы жоўтых кляновых лістоў», «Родная мова, цудоўная мова…» (2—3 вершы на выбар). Асноўныя матывы лірыкі. Услаўленне сілы народа, духоўнасці, вальналюбства чалавека, паэтызацыя красы прыроды, кахання. Высокая культура верша, багацце жанравых формаў. Сувязь лірыкі з традыцыямі фальклору, паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча.

     Кандрат Крапіва. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Байкі «Дыпламаваны Баран», «Махальнік Іваноў». Высмейванне самаўпэў­ненасці, нахабства, тупасці, падхалімства і іншых чалавечых заган.

     П’еса «Хто смяецца апошнім». Час напісання твора. Актуальнасць праблем, узнятых у камедыі. Канфлікт у п’есе. Маштабнасць сатырыч­ных вобразаў Гарлахвацкага і Зёлкіна. Эвалюцыя характару Тулягі. Вобразы — носьбіты аўтарскай пазіцыі: Чарнавус, Левановіч, Вера. Сродкі і прыёмы сатырычнай тыпізацыі і індывідуалізацыі. Мова персанажаў як сродак раскрыцця іх характараў. Сцэнічнае жыццё ка­медыі. Значэнне творчасці Кандрата Крапівы ў развіцці беларускай драматургіі.

     Андрэй Мрый. Раман «Запіскі Самсона Самасуя» — твор пра анамаліі грамадскага жыцця сярэдзіны 1920-х гг. Рэальная аснова твора. Галоўны герой рамана Самсон Самасуй. Сатырычная характарыстыка і маральная ацэнка дзейнасці шапялёўскай інтэлігенцыі (філосаф Торба, Сом, Лін, Мамон, паэт Гарачы). Жанравыя адметнасці твора.

     Міхась Зарэцкі. Грамадскае і асабістае ў апавяданні «Ворагі». Лёс Паўла Гуторскага — змагара за рэвалюцыйныя ідэалы, і Ніны Купрыя­навай — дачкі памешчыка. Тэма кахання.

     Паказ маральнай дэградацыі Марыны Гарновай у апавяданні «Квет­ка пажоўклая». Трагічны фінал гераіні. Вастрыня канфлікту ў творы.

     М. Зарэцкі — майстар вострага сюжэта, мастацкай дэталі, глыбокі псіхолаг.

     Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

     Беларуская літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945 гг.). Антываенны пафас і вызваленчыя матывы беларускай паэзіі і публіцыстыкі. Тэма Радзімы, яе будучыні. Паказ суровай праўды вайны, услаўленне мужнасці і гераізму народа-змагара, асуджэнне здрады Радзіме. Выкрыццё ідэалогіі фашызму. Перавага лірыкі, публіцыстыкі, сатыры.

     Пятрусь Броўка. Вершы «Будзем сеяць, беларусы!», «Надзя-На­дзейка», «Родныя словы», «Александрына», «Вось і лета сышло…», «А ты ідзі» (2—3 вершы на выбар). Патрыятычны, вызваленчы пафас твораў паэта перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пашырэнне ідэйна-тэматычнага і жанравага дыяпазону паэзіі П. Броўкі ў 1960—1970-я гг. Тэма паэта і паэзіі. Паэтызацыя красы прыроды. Народна-песенная аснова вершаў П. Броўкі, іх мілагучнасць.

     Кузьма Чорны. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Аўтарская канцэпцыя гістарычнай будучыні беларускага народа ў рамане «Пошукі будучыні». Драматычны лёс ахвяр Першай і Другой сусветных войн. Няздзейсненыя мары старэйшага пакалення (Нявады, Сымона Ракуцькі) пра шчасце. Паказ трагізму вайны і цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў у часы фашысцкай акупацыі. Глыбокі маральна-этычны сэнс тэмы «ўкра­дзенага дзяцінства». Выкрыццё фашызму як вялікай пагрозы чала­вецтву. Значэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў развіцці беларускай псі­халагічнай прозы, яе буйных жанраў.

     Аркадзь Куляшоў. Жыццёвы і творчы шлях паэта. Вершы «Мая Бесядзь», «Над брацкай магілай», «Спакойнага шчасця не зычу ніко­му…», «Я хаце абавязаны прапіскаю…» (2—3 вершы на выбар), вер­шаваны цыкл «Маналог». Адметнасць вобразнасці і кампазіцыі верша «Мая Бесядзь». Ваенная лірыка А. Куляшова. Суровая праўда і гуманізм у паказе народнага подзвігу. Трагічнае і лірычнае, фальклор­ныя матывы ў баладзе «Над брацкай магілай». Пашырэнне тэматыкі ў пасляваеннай лірыцы. Вершаваны цыкл «Маналог»: матывы памяці, вернасці сяброўству, ідэалам маладосці. Паэтычнае майстэрства А. Куляшова.

     Максім Танк. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць. Вершы «Спатканне», «Родная мова», «Каб ведалі», «Мой хлеб надзённы», «Завушніцы», «Аvе Маrіа», «Працягласць дня і ночы» (2—3 вершы на выбар); паэма «Люцыян Таполя». Лірыка. Тэмы і вобразы, наватарскі характар танкаўскай паэзіі. Сцвярджэнне нязломнай духоўнай сілы народа. Адметнасць лірыкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пашы­рэнне тэматыкі ў пасляваеннай паэзіі. Філасофскі роздум пра чалавека, яго жыццёвае прызначэнне. Свабодны верш у паэзіі Максіма Танка.

     Праблема мастака і мастацтва ў паэме «Люцыян Таполя». Ува­сабленне свабодалюбства, таленавітасці народа ў вобразе Люцыяна Таполі. Выкарыстанне сродкаў паэтызацыі і гратэску ў паэме. Блізкасць героя паэмы Максіма Танка да купалаўскага Гусляра.

     Беларуская літаратура пасляваеннага часу

     (да сярэдзіны 1960-х гг.)

     Патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас творчасці, абумоўлены заканчэннем вайны, мірным будаўніцтвам. Ваенная тэма як цэнтральная ў літаратуры.

     Змены ў грамадскай атмасферы сярэдзіны 50-х гг. і іх дабратворны ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Рэабілітацыя беларускіх пісьменнікаў. Прыход у літаратуру новых творчых сіл.

     Янка Брыль. Жыццё і творчасць пісьменніка. Праблема чалаве­чага шчасця і сэнсу жыцця ў апавяданні «Галя». Спалучэнне лірычнай усхваляванасці з глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека. Гісто­рыя кахання гераіні. Праблема маральнага выбару і адказнасці чалавека за свае ўчынкі. Духоўныя каштоўнасці і іх значэнне для чалавека. Мастацкая дэталь. Асаблівасці кампазіцыі апавядання.

     Паказ вайны ў апавяданні «Меmеntо mоrі». Маральны подзвіг старога селяніна ў творы. Уменне аўтара ўбачыць гераічнае за рамкамі бытавых сцэн. Асуджэнне фашызму ў апавяданні, абвостранасць гума­ністычнай думкі твора.

     Пімен Панчанка. Жыццёвы і творчы шлях паэта. Вершы «Краіна мая», «Герой», «Родная мова», «Толькі лісцем рабін шалахні…», «Крык сойкі», «Той дзень прапаў і страчаны навекі...», «Спарышы» (2—3 вер­шы на выбар). Лірыка. Патрыятычны пафас ваеннай паэзіі П. Панчанкі. Гераічнае і трагічнае ў вершах пра Радзіму і яе абаронцаў.

     Роздум пра сэнс жыцця, гуманныя адносіны паміж людзьмі ў тво­рах 1960-х гг. Пашырэнне тэматычнай, жанрава-стылёвай разнастай­насці лірыкі 1970—1980-х гг. Духоўная эвалюцыя лірычнага героя. Спавядальны характар, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця. Ба­гацце сродкаў мастацкага выяўлення ў творах паэта.

     Іван Мележ. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Тэматыка і праблематыка рамана «Людзі на балоце». Асаблівасць драматычнага канфлікту. Шматгранныя нацыянальныя характары ў рамане. Май­стэрства раскрыцця ўнутранага свету галоўных герояў — Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі. Нетрадыцыйны падыход аўтара да раскрыцця псіхалогіі заможных сялян. Чалавек і прырода ў творы. Паэтызацыя сялянскай працы. Псіхалагічнае майстэрства Мележа-празаіка. На­цыянальная самабытнасць творчасці І. Мележа і яе агульначалавечая значнасць.

     Уладзімір Караткевіч. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» або «Чазенія» (на выбар); раман «Каласы пад сярпом тваім» (кніга першая «Выйсце крыніц»; з другой кнігі — «Сякера пры дрэве» — асобныя раздзелы).

     Канкрэтна-гістарычная аснова аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Зварот пісьменніка да легенды пра караля Стаха Горскага (пачатак ХVІІ ст.), рамантычнае яе асэнсаванне. Асуджэнне сацыяль­нага прыгнёту і ўціску. Роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Вобразы Андрэя Беларэцкага, Андрэя Свеціловіча і Надзеі Яноўскай. Асаблівасці кампазіцыі твора.

     Праблематыка аповесці «Чазенія». Вобразы Севярына Будрыса і Гражыны. Выяўленне характараў герояў у неардынарных абставінах. Сэнс назвы аповесці. Жанр і кампазіцыя твора.

     Гістарычная аснова рамана «Каласы пад сярпом тваім». Рэальныя гістарычныя асобы ў творы. Духоўны воблік галоўнага героя рамана Алеся Загорскага. Прадстаўнікі дваранства ў творы (Даніла Вежа-Загорскі, Хаданскія, Кроер). Дзеячы шляхецкага руху Яраслаў Раўбіч і Багдан Война. Стыхійны характар антыпрыгонніцкай барацьбы сялян. Хараство кахання Алеся Загорскага і Майкі Раўбіч. Своеасаблівасць мастацкага стылю рамана. Месца і роля лірычных адступленняў і пей­зажных малюнкаў. Вобразная сімволіка.

     Андрэй Макаёнак. Жыццёвы і творчы шлях драматурга. П’есы «Зацюканы апостал» або «Пагарэльцы» (на выбар абітурыента).

     Жанравая адметнасць п’есы «Зацюканы апостал». Умоўнасць часу і месца дзеяння. Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і пад­крэсленая абагульненасць. Маральна-этычны змест камедыі, сцвяр­джэнне аўтарам духоўных агульначалавечых каштоўнасцей.

     Творчая гісторыя трагікамедыі «Пагарэльцы». Канфлікт бацькоў і дзяцей у п’есе. Спалучэнне нізкага з узвышаным, трагедыйнага з каміч­ным у псіхалагічнай абмалёўцы прыстасаванцаў, кар’ерыстаў, цынікаў, прайдзісветаў і дэмагогаў. Майстэрства драматурга ў стварэнні вобра­заў-тыпаў.

     Беларуская літаратура перыяду 1966—1985 гг.

     Пашырэнне сферы мастацкага даследавання рэчаіснасці. Жанра­выя і тэматычныя пошукі літаратуры, паглыбленне яе чалавеказнаўчага і гуманістычнага зместу. Узмацненне аналітызму ў даследаванні мінула­га і сучаснасці.

     Іван Шамякін. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Аповесць «Непаўторная вясна» або аповесць «Гандлярка і паэт» (на выбар абітурыента); раман «Сэрца на далоні».

     Адлюстраванне даваеннага жыцця моладзі ў аповесці «Непаўтор­ная вясна».  Духоўны  свет  Пятра  і  Сашы,  іх  узаемаадносіны.  Паэзія кахання і прыгожых чалавечых пачуццяў. Эмацыянальна-псіхалагічная змястоўнасць твора.

     Тэма трагічнага лёсу жанчыны на вайне ў аповесці «Гандлярка і паэт». Вобраз Вольгі Ляновіч, каханне ў лёсе гераіні. Вобраз Алеся Шпака, яго роля ў духоўным узвышэнні Вольгі Ляновіч. Праблема маральнага выбару ў творы. Майстэрства пісьменніка ў стварэнні сюжэ­та, псіхалагічнай абмалёўцы характараў.

     Праблематыка рамана «Сэрца на далоні». Вастрыня канфлікту. Маральна-этычная сутнасць аўтарскай пазіцыі. Рэтраспектыўны зварот да падзей вайны. Роля кар’ерыста Гукана, які хавае праўду пра актыў­ную падпольную дзейнасць доктара Савіча. Прынцыповасць і рашу­часць Кірылы Шыковіча ў выкрыцці Гукана. Партызанскае мінулае Яраша. Вобраз Зосі Савіч, яе жыццёвы лёс. Маладое пакаленне ў рама­не. Сімволіка назвы твора.

     Васіль Быкаў. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Прабле­матыка аповесці «Сотнікаў». Вобразы Сотнікава і Рыбака ў творы, іх глыбокі псіхалагізм. Персанажы другога плана ў аповесці (стараста, Дзёмчыха, Бася), іх мужнасць. Выкрыццё паліцаяў — прыслужнікаў немцаў — у творы (Партноў, Стась Гаманюк, Будзіла). Мастацкая дасканаласць твора.

     Актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі аповесці «Знак бяды». Маштабнасць характараў галоўных герояў — Петрака і Сцепаніды. Зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця з мэтай больш глыбокага раскрыцця характараў. Выкрыццё жорсткасці, бесчалавеч­насці фашызму. Паказ прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму. Мастацкая сімволіка твора.

     Значэнне творчасці В. Быкава для развіцця беларускай літаратуры.

     Міхась Стральцоў. Эцюды-ўспаміны пра маладосць, каханне, жыццёвыя праблемы і клопаты ў апавяданні «Сена на асфальце». Вобраз аўтара-апавядальніка. Адметнасць кампазіцыі.

     Гора і нястачы, прынесеныя ў сялянскую сям’ю вайной, якую кожны з сямейнікаў перажывае па-свойму, у апавяданні «На чацвёртым годзе вайны». Вобразы старой маці, нявесткі Марусі і яе маленькага сына. Заўчаснае сталенне хлопчыка, яго рашучае жаданне дапамагчы маці і бабулі, узяць на сябе адказнасць за лёс сям’і. Глыбокі псіхалагізм у паказе характараў.

     Ніл Гілевіч. Вершы «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..», «Святочны, старажытны дух калядны...», «Паклон табе, мой беларускі краю!..» (2—3 вершы на выбар); раман у вершах «Родныя дзеці» (ва ўрыўках).

     Шырокі тэматычны змест паэзіі. Любоў да Бацькаўшчыны, клопат пра яе лёс, шанаванне роднай мовы, захаванне культурнай спадчыны. Глыбокі лірызм, песеннасць вершаў, фальклорныя матывы ў творчасці паэта. «Родныя дзеці» як узор рамана ў вершах.

     Іван Чыгрынаў. Памяць мінулай вайны і лёс старога лесніка Дземідзёнка ў апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Зварот да традыцыйных каштоўнасцей, гармонія чалавека з прыродай, людзьмі, самім сабой. Вобраз аўтара-апавядальніка.

     Новыя падыходы да асэнсавання тэмы вайны ў апавяданні «У ці­хім тумане». Узаемаадносіны былых ахвяр і здраднікаў Радзімы. Пра­блема віны і даравання. Вобразы Рэйдзіхі і Ганны. Гуманістычны пафас апавядання.

    Іван Навуменка. Паказ лёсу моладзі ў гады вайны з фашызмам у апавяданні «Сямнаццатай вясной». Раскрыццё ў творы характараў Цімоха, Стасі і іншых герояў. Сімвалічнасць вобраза бэзу.

     Жорсткая праўда жыцця ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вай­ны». Унутраная самаацэнка юнакоў; жаночы, мацярынскі погляд на рэальнасці вайны. Шматгранны партрэт пакалення. Роля мастацкай дэ­талі ў творы.

     Рыгор Барадулін. Вершы «Неруш», «Яна адна, зямля вякоў…», «Заспаная раніца мжыстая…», «Пакуль жывеш, развітвайся з жыц­цём...», «Божа, паспагадай усім...», «Трэба дома бываць часцей» (2—3 вершы на выбар). Народнасць і самабытнасць паэзіі Р. Барадуліна. Сувязь яго творчасці з традыцыямі фальклору, міфалогіі, класічнай літаратуры. Свет Радзімы-Беларусі ў яго паэзіі, выяўленне пачуцця любові да зямлі бацькоў. Услаўленне роднага слова як духоўнай святыні. Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна.

     Яўгенія Янішчыц. Вершы «Чаму ніколі не баюся я…», «Не воблака, а проста аблачынка…», «Помню, помню праз гады…», «Любоў мая…» (2—3 вершы на выбар). Малая радзіма, казачная палеская пры­рода, вясковы і гарадскі побыт, пададзеныя ў светлых колерах у лірыцы. Спроба паяднаць традыцыйны верш і рытмізаваную прозу ў творах. Тэматычная палітра паэзіі Я. Янішчыц.

     Аляксей Дудараў. П’еса «Князь Вітаўт».

     Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага ў п’есе «Князь Вітаўт». Жанравая адметнасць твора, асаблівасці яго кампазіцыі. Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы. Ахвярнасць, вернасць (пакаёўка Алёна) і здрада, халодны разлік, угодлівасць (стражнік Люцень). Праблема асабістага шчасця ў п’есе. Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей на зямлі: любові, еднасці, згоды і міру.

     Беларуская літаратура на сучасным этапе

     (з сярэдзіны 1980-х гг.)

     Літаратурны працэс у Беларусі на сучасным этапе. Прыход у літа­ратуру новых пакаленняў творчай моладзі. Утварэнне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

    Паэзія. Паглыбленне агульначалавечага, маральна-філасофскага, гуманістычнага зместу сучаснай беларускай паэзіі ў творчасці В. Зуён­ка, Я. Сіпакова, А. Вярцінскага, М. Дуксы, Р. Баравіковай, А. Разанава, Г. Пашкова і інш. (на прыкладзе твораў 2—3 аўтараў).

     Проза. Сацыяльныя і маральна-філасофскія праблемы ў сучаснай беларускай прозе: В. Казько, В. Карамазаў, І. Пташнікаў і інш. (на прык­ладзе творчасці 1—2 пісьменнікаў).

     Драматургія. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці сучаснай беларускай драматургіі: А. Петрашкевіч, У. Бутрамееў, С. Кавалёў (на прыкладзе творчасці 1—2 аўтараў)

  • View only 'Тема 2'

    Тэма 1. ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЯВЕЧЧА. БІБЛІЯ
    - Показать/Скрыть

    • ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЯВЕЧЧА. БІБЛІЯ.
    • “ЖЫЦІЕ ЕЎФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ”
    • КІРЫЛА ТУРАЎСКІ (каля 1130–1182)
    • АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ГАДОЎ
    • ЛЕТАПІС ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ
    • СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРА     
  • View only 'Тема 3'

    Тэма 2. ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ
    - Показать/Скрыть

    • ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ. Агляд.
    • На парозе Новага часу
    • ФРАНЦЫСК СКАРЫНА (канец 80-х гг. XV ст. — каля 1551 г.)

  • View only 'Тема 4'

    Тэма 3. МІКОЛА ГУСОЎСКІ. ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА
    - Показать/Скрыть

  • View only 'Тема 5'

    Раздел 5
    - Показать/Скрыть

    • View only 'Тема 6'

      Раздел 6
      - Показать/Скрыть

      • View only 'Тема 7'

        Раздел 7
        - Показать/Скрыть

        • View only 'Тема 8'

          Раздел 8
          - Показать/Скрыть

          • View only 'Тема 9'

            Раздел 9
            - Показать/Скрыть

            • View only 'Тема 10'

              Раздел 10
              - Показать/Скрыть